Слуцк

Слуцк[2] (афіц. транс.: Sluck), часам Слу́часк, або Слу́цак — горад у Мінскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Слуцкага раёна, на рацэ Случ пры ўпадзенні ў яе ручая Бычок. За 105 км на поўдзень ад Мінска. Вузел чыгунак на Асіповічы, Баранавічы, Салігорск. Аўтадарогі на Мінск, Бабруйск, Салігорск. Насельніцтва 62 147 чал. (2017)[1].

Тапонім «Слуцк» утварыўся ад ракі Случ па самай старажытнай мадэлі — уласная назва ракі + -ск[3]. У сваю чаргу, назва ракі з'яўляецца вытворным ад слова «лука» — выгін ракі, лукавіна (злуч, злучына)[4]. У старабеларускіх пісьмовых помніках назва горада зафіксавана ў форме Случескъ[3].

У айканіміі беларускіх зямель суфікс -ск (-цк) з'яўляецца глыбока традыцыйнай рэліктавай з'явай, якая падкрэслівае самабытнасць беларускага народа і старажытнасць тэрыторыі яго рассялення. Такі суфікс адзначаецца з IXX стст., у тым ліку ў назвах двух старажытнейшых гарадоў Полацк і Смаленск, засведчаных летапісамі пад 862 і 863 гг. Звыш паловы гарадоў з назвамі на -ск, згаданых у летапісах XI ст., прыпадае менавіта на зону фармавання беларусаў, дзе гэты суфікс выяўляе прадуктыўнасць і ў наступныя стагоддзі. Кожны трэці беларускі горад з ліку тых, што занесены ў «Спіс рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» канца XIV ст., заканчваецца на -ск (-цк)[3].

Варыянт Слуцак не вытлумачваецца фанетычнымі законамі беларускай мовы і на працягу многіх стагоддзяў практычна не выходзіў за межы вуснага ўжытку. Пачатак яго пісьмовага выкарыстання адносіцца да канца XIX ст., але ўсё ж перавага аддавалася варыянту Слуцк. Напрыклад, у беларускамоўнай газеце «Наша Ніва» (19061915) форма Слуцак ужыта толькі 5 разоў, у той час як Слуцк — 54 разы. Форма Слуцак даволі актыўна выкарыстоўвалася пазней, у 1920-х гадах, у БССР (гл., напрыклад, Кайгарадаў А. І. Кліматычны атляс Беларусі. Менск, 1927), а таксама ў Заходняй Беларусі да часу яе ўваходжання ў склад БССР[3].

У наш час па-ранейшаму дамінуе форма на -цк, хоць у асобных выданнях і цяпер ужываецца варыянт Слуцак[3].

Вядомы стаянкі першабытнага чалавека на тэрыторыі сучаснай Случыны з канца V — канца III тысячагоддзяў да н.э. Пасяленні людзей вядомы на тэрыторыі сучаснага Слуцка з VII да н.э па VIII стагоддзе н.э.

Упершыню ўласна горад Слуцк згадваецца пад 1116 годам у «Аповесці мінулых часоў» як горад дрыгавічоў, які быў спалены Глебам Менскім, часова ўваходзіў у склад Тураўскай зямлі і належаў разам з ёй вялікаму князю кіеўскаму Уладзіміру Усеваладавічу.

У 1149 годзе Юрый Далгарукі перадаў Слуцк чарнігаўскаму князю Святаславу Ольгавічу.

З 1160 года горад з'яўляўся цэнтрам удзельнага Слуцкага княства, дзе першым вядомым князем быў унук Уладзіміра УсеваладавічаУладзімір Мсціславіч(руск.) [5]. Пасля (дзвесце гадоў) княствам кіравалі нашчадкі тураўскага князя Юрыя Яраславіча[6][7]. У 90-х гадах XII стагоддзя адбылося канчатковае вылучэнне Слуцка з Тураўскай зямлі.

У пачатку XIII стагоддзя слуцкія землі трапілі ў залежнасць ад Галіцка-Валынскага княства[8].

У 1205 годзе адбыўся напад на Слуцк польскіх войскаў. Прыкладна ў гэты час з'яўляюцца першыя звесткі пра слуцкі Троіцкі (Трайчанскі) праваслаўны манастыр.

У 1320—1330-я гады горад увайшоў у склад ВКЛ і на працягу двух стагоддзяў Слуцк з'яўляўся адным з палітычных і культурных цэнтраў гэтай дзяржавы. У 1387 годзе ў грамаце згадваецца слуцкі князь Юрый, апошні з дынастыі нашчадкаў Юрыя Яраславіча Тураўскага[9].

У 1395 годзе перайшоў з уладання князёў Рурыкавічаў да князёў Гедзімінавічаў. У 1398—1454 гадах у Слуцку княжыў Аляксандр (Алелька) Уладзіміравіч.

У пачатку XV стагоддзя у месцы ўпадзення ручая Бычок у раку Случ былі пабудаваны Верхні і Ніжні замкі.

15 ліпеня 1410 года слуцкае апалчэнне прымала ўдзел у Грунвальдскай бітве.

У 1419 годзе ў горадзе быў узведзены каталіцкі фарны касцёл, які праіснаваў да 1852 года.

У 1433 годзе горад быў цэнтрам выступлення супраць вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча.

У 1441 годзе атрымаў абмежаванае самакіраванне на аснове магдэбургскага права і герб. У 1443—1454 гадах горадам правіў князь Сямён Алелькавіч.

У 1446-47 гадах слуцкая дружына дапамагала маскоўскаму князю Васілю II у яго барацьбе супраць Дзмітрыя Шамякі, які захапіў маскоўскі трон.

У 1454—1481 гадах у Слуцку княжыў Міхаіл Аляксандравіч. Пасля пакарання Міхаіла Алелькавіча смерцю за змову супраць Казіміра IV горад перайшоў да яго ўдавы Ганны і малалетняга сына Сямёна(руск.) . Ён княжыў да 1505 года.

1494 годам датуюцца першыя звесткі пра бібліятэку рукапісных кніг слуцкага Трайчанскага манастыра. З канца XV стагоддзя пры ім існавала школа перапісчыкаў царкоўных кніг. Да XVI стагоддзя Слуцк заставаўся адным з палітычных і культурных цэнтраў ВКЛ. Пры княжацкім двары вёўся Слуцкі летапіс — помнік беларуска-літоўскага летапісання 16 стагоддзя, была бібліятэка.

З 1505 па 1542 год спачатку пад рэгенцтвам маці(руск.) , а потым самастойна, у Слуцку княжыў Юрый Алелькавіч. У 1508 Слуцк спалены мяцежнымі войскамі Міхаіла Глінскага. 8 верасня 1514 случчане прымаюць удзел у бітве пад Оршай супраць войскаў маскоўскага князя Васіля III.

У 1517 годзе пачаліся запісы ў «Слуцкім памянніку», які запаўняўся да XVIII стагоддзя.

У 1582 годзе быў падзелены паміж трыма братамі Алелькавічамі на Стары горад, Новы горад і Востраў. У 16 стагоддзі Слуцкія землі неаднаразова спусташалі, а сам горад абложвалі крымскія татары, аднак замак узяты не быў.

У 1592 княжна Соф'я Юр'еўна, апошняя прадстаўніца роду Алелькавічаў, аб'яднала землі княства, у 1612 годзе пасля яе смерці горад перайшоў да яе мужа Януша Радзівіла.

У 1617 г. князем Янушам Радзівілам заснавана Слуцкая кальвінісцкая гімназія. У 1630—1640-я гг. Багуслаў Радзівіл умацаваў Слуцк, які лічыўся адной з асноўных крэпасцяў ВКЛ. Пры Праабражэнскім брацтве працавалі школы для гараджан з выкладаннем на беларускай мове. У 1672—1705 гг. дзейнічала друкарня, у 1689—1773 гг. — езуіцкі калегіум. Падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—1667) Слуцк быў адзіным з буйных гарадоў Беларусі, які не здолелі захапіць рускія войскі. У 1655 г. вытрымаў аблогу рускіх і казацкіх войск. У 1656 г. Багдан Хмяльніцкі выдаў універсал з гарантыяй недатыкальнасці Слуцка з боку казацкіх атрадаў, а слуцкім купцам — вольнага гандлю на Украіне. У 1700 г. гораду дадзена поўнае магдэбургскае права і герб. У Паўночную вайну (1700—1721) у горадзе неаднаразова квартэравалі шведскія войскі.

У 1751—1760-я гг. у горадзе дзейнічала прыдворная тэатральная трупа ўласніка горада і слуцкай ардынацыі — князя Гераніма Фларыяна Радзівіла. У тэатры ставіліся оперы, балеты і драматычныя спектаклі. Балетная трупа падрыхтавана ў Слуцкай балетнай школе (заснавана ў 1756). Спектаклі суправаджала капэла музыкантаў высокай кваліфікацыі.

У 1740 г. князь Міхал Казімір Радзівіл «Рыбанька» заснаваў мануфактуру «слуцкіх паясоў» з шоўку (Слуцкая персіярня), якая дзейнічала да 1844 г.

У 1767 г. у горадзе была ўтворана Слуцкая канфедэрацыя — саюз пратэстанцкай і праваслаўнай шляхты ВКЛ, арганізаваная для ўраўнавання яе ў правах з каталіцкай шляхтай.

У 1793 г. у выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай горад Слуцк увайшоў у склад Расійскай імперыі, стаў цэнтрам Слуцкага павета Мінскай губерні (да 1924 г.).

У 1823 г. быў складзены план забудовы горада, які прадугледжваў упарадкаванне вулічнай сеткі, будаўніцтва новых дамоў, зліццё цэнтра з ускраінамі. У 1831 г. скончана будаўніцтва ўчастка Маскоўска-Варшаўскай шашы, што праходзіла праз Слуцк і павет. У 1896 г. распачата будаўніцтва чыгуначнай лініі Асіповічы-Слуцк (скончана ў 1915 г.).

У часе выбараў да самакіравання ў 1909 г. у гарадскую раду было абрана 10 рускіх, 4 палякі і 1 яўрэй[10].

У 1919 г. у БССР, але яшчэ ў тым годзе заняты польскімі войскамі. У гады 1919—1920 пад часовай польскай адміністрацыяй, у складзе Менскай акругі Грамадскай управы Усходніх земляў. 15 ліпеня 1920 г. войскі Мазырскай групы авалодалі горадам. З 1920 г. зноў у складзе БССР.

У 1921 г. працавала этнаграфічная экспедыцыя па Беларусі, арганізаваная Беларускім Дзяржаўным музеем, у складзе якой былі мінскія мастакі Д. Полазаў (кіраўнік), П. Гуткоўскі, Я. Кругер, К. Елісееў, фалькларыст і кампазітар Уладзімір Тэраўскі і інш. За шэсць тыдняў у Слуцку і навакольных вёсках было сабрана і часткова сфатаграфавана мноства помнікаў старажытнасці, знойдзена значная колькасць цудоўных узораў слуцкіх паясоў і тканін. Пра вынікі працы Д. Полазаў зрабіў даклад на пасяджэнні мінскага таварыства гісторыі і старажытнасці[11].

З 27 верасня 1938 г. — горад абласнога падпарадкавання. У чэрвені 1941 г. акупіраваны нямецкімі войскамі, якія арганізавалі тут лагер смерці, яўрэйскае гета, турму. У горадзе існавала савецкае падполле. У ходзе Мінскай аперацыі (1944) Слуцк быў заняты савецкімі войскамі.

12 кастрычніка 1967 года ў Слуцку адбыліся масавыя беспарадкі, быў падпалены будынак суда, загінулі суддзя і афіцэр МУС.

Горад развіваўся паводле генеральных планаў 1947, 1962, 1977 і 1987 гадоў.

Прадпрыемствы харчовай, лёгкай, дрэваапрацоўчай, металаапрацоўчай прамысловасці. Гасцініца «Слуцк». У 2004 у горадзе 21 прамысловае прадпрыемства, зарэгістравана 126 прадпрыемстваў недзяржаўнай формы ўласнасці. Харчовая і перапрацоўчая прамысловасць прадстаўлена 8 прадпрыемствамі. Тавары лёгкай прамысловасці вырабляюцца на прамыслова-гандлёвым прадпрыемстве «Ландыш», тэкстыльнай фабрыцы і рэспубліканскім унітарным прадпрыемстве мастацкіх вырабаў «Слуцкія паясы». Шырока прадстаўлена дрэва- і металаапрацоўчая галіны («Слуцкмэбля», «Слуцк-Модуль», «Ямполь»).